Першая Куцця
Куцця (посная куцця) — урачыстая вячэра напярэдадні Каляд[1]. Час вячэры называўся яшчэ святы ці калядны вечар.
24 снежня ў каталікоў апошні дзень Адвенту, у які належаў пост і толькі адзін прыём ежы дасыта.
У адрозненне ад велікодных святаў, якія святкаваліся максімальна публічна, Куцця мела падкрэслена сямейны, закрыты характар. Аднак лічылася, што да стала абавязкова трэба запрасіць любога выпадковага госця, каб не паўтарыць грэх тых, хто не пусціў пераначаваць Святую Сям’ю перад нараджэннем Хрыста. На вячэру збіраліся пасля з’яўлення на небе першых зорак, пад выбеленым абрусам сцялілі сена або салому, як напамін пра нараджэнне Хрыста ў стайні. Перад пачаткам вячэры гаспадар дому дзяліўся з сям’ёй асвечанымі ў касцёле аплаткамі, якія потым ламалі між сабой астатнія члены сям’і. Па выцягнутых з-пад абруса сцяблінках варажылі аб тым, які будзе новы год; пасля вячэры сена і рэшткі ежы аддавалі жывёле. На Куццю плялі саламяных «павукоў», якіх вешалі ў доме ці перад уваходам, упрыгожвалі дом або падворак хваінкай або елкай (з XVIII ст.), дарылі членам сям’і і слугам падарункі («каляду»).
У залежнасці ад дабрабыту сям’і, падавалі 5, 7, 9, 11 або 13 (няцотны лік) посных страў, асноўны комплекс якіх быў адным і тым жа ў сем’ях усіх сацыяльных пластоў, сімвалізуючы еднасць усіх людзей як дзяцей Божых. Асноўнымі кампанентамі страў лічыліся пшаніца, мак і мёд, сімвалы дастатку і пладавітасці. Галоўнымі стравамі былі куцця, у гонар якой называлася і ўся вячэра, сыта, аўсяны кісель, узвар з сушоных фруктаў, рыбныя стравы (юшка, селядцы, шчупакі, карп і г.д.), грыбная поліўка, чырвоны боршч з вушкамі, клёцкі з макам, капуста квашаная або тушаная з грыбамі, ламанцы з макам, сліжыкі і інш. У заможных дамах традыцыйнымі былі поліўка з мігдалаў, розныя дэсерты («цукры»), арэхі, віно, з ХІХ ст. — гарбата.
Многія стравы і рытуалы каляднага вечара, асабліва куцця, носяць вельмі архаічны характар і адаптаваныя царквой да патрэб хрысціянскай рэлігіі ў час працяглага змагання з паганствам.
У беларускай мастацкай літаратуры:
- апавяданне «Калядны вечар» Якуба Коласа;
- вершы:
- «У калядны ціхі вечар» Пётры Простага;
- «Святы вечар» Ларысы Геніюш;
- «Сон на куццю» Іды Пілецкай (пераклад Янкі Купалы з польскай мовы).
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Белы А. Вігілія // Праект «Наша ежа»
Першая Куцця на Вікісховішчы |